Капліца-пахавальня Скірмунтаў у Моладаве, пабудаваная ў 1905—1908 гадах па праекце Тадэвуша Раствароўскага, відаць, мае канкрэтны рымскі прататып.
Увогуле такі тып цыліндрычных збудаванняў вельмі характэрны для старажытнарымскай архітэктуры: ад маўзалеяў імператараў, Адрыяна і Аўгуста, якія яшчэ вянчала горка зверху (гэта спадчына этрускаў, папярэднікаў рымлян), да маўзалеяў членаў іхніх сем'яў і знатных родаў. Рымскі закон забараняў пахаванні ў межах горада, таму для пахаванняў рымляне выкарыстоўвалі буйныя дарогі. Самым ганаровым месца пахавання была Апіева дарога, якая ішла на поўдзень і якая сёння часткова ператворана ў музей пад голым небам. Тут таксама нямала цыліндрычных збудаванняў, але ў большасці выпадкаў яны або захаваліся на нязначную вышыню, або адпачатку былі невысокімі круглымі збудаванні з насыпнымі пагоркамі (тып этрускіх тумулусаў).
Толькі адна пахавальня выбіваецца з гэтага раду. Гэта грабніца Цэцыліі Метэлы, якая была замужам за сынам рымскага палкаводца Марка Ліцынія Краса, які заняў бок Сулы ў грамадзянскай вайне. Грабніца была пабудавана каля 50 года да нашай эры і сваёй захаванасцю, відаць, абавязана таму факту, што ў 9 стагоддзі яе ператварылі ў замак.
Захаванасць сапраўды выдатная - часткова нават захаваўся атык, карніз, шырокі фрыз з арнаментам у выглядзе чаргавання букраніяў - выяў бычыных чарапоў - і раслінных гірляндаў. Ніякай сувязі чарапоў са смерцю тут няма, той жа матыў выкарыстоўваўся на грамадскіх будынках.
Прыгожыя афорты рымскіх старажытнасцей, выкананыя італьянскім гравёрам Джавані Батыста Піранезі ў сярэдзіне XVIII ст., дакладна былі вядомыя студэнтам у пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, дзе вучыўся Раствароўскі.
Але пасроднікам таксама магла быць і пабудова, якая дагэтуль упрыгожвае Каралеўскія Лазенкі ў Варшаве — будынак вадазбору. Ён дакладна пераймаў грабніцу Цэцыліі Метэлы і меў той руст, фрыз з букраніямі, карніз і атык. Толькі прапорцыі былі іншымі. Такі выгляд тэхнічны будынак набыў у 1827 годзе па праекце Пятра Айгнера. Раствароўскі жыў пэўны час у Варшаве і мог яе бачыць.
Праўда, я сумняваюся, што яму быў патрэбны пасроднік. Раствароўскі цудоўна разбіраўся ў рымскай архітэктуры. Для палаца Горватаў у Нароўлі ён стварыў
альтанку, якая з'яўляецца паўтарэннем маўзалея Юліяў у Глануме. Пахавальня адрозніваецца ад маўзалея Цэцыліі Метэлы больш, чым лазенкаўскі вадазбор: руст тут французскі, з кожнага боку порцік, у фрызе букраніі заменены на вянкі, карніз стаў больш развітым, а атык знік - але агульны матыў рымскай пабудовы пазнаецца. Забаўна, што да пачатку рэстаўрацыі купал пахавальні зарос расліннасцю, зрабіўшы пабудову яшчэ больш падобнай да сваіх рымска-этрускіх "продкаў".
#Рым #капліцы #моладава #паралелі